Гісторыя станаўлення інстытута абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў у Рэспубліке Беларусь

Юрыдычная экспертыза — адзін з найбольш актуальных напрамкаў работы Міністэрства юстыцыі, які на сёняшні дзень дынамічна развіваецца. Ён ахоплівае практычна ўсе галіны сучаснага права. Запатрабаванасць дадзенага інстытута пастаянна расце, як расце грамадскі запыт на стройнасць, разумнасць і несупярэчлівасць заканадаўства краіны і беларускай юстыцыі ўвогуле.

Мэтай экспертнага працэсу з'яўляецца забеспячэнне ўзгодненасці прававых норм, адпаведнасць актаў ніжэйстаячых дзяржаўных органаў актам вышэйстаячых, юрыдычна граматнае афармленне праекта прававога акта, і нарэшце, недапушчэнне магчымых негатыўных наступстваў яго прымянення.

У працэсе станаўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў як самастойнага прававога інстытута ў Рэспубліке Беларусь умоўна можна вылучыць тры асноўных этапы:

  1. 1993 - 1998 гг.;

  2. 1998 - 2006 гг.;

  3. 2006 год - цяперашні час.

На першым этапе абавязковая юрыдычная экспертыза нарматыўных прававых актаў з'яўлялася часткай дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных прававых актаў і фармальна не была выдзелена ў самастойны інстытут.

Пачатак дадзенага этапу звязан з увядзеннем з 1 чэрвеня 1993 г. дзяржаўнай рэгістрацыі нарматыўных актаў міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і ведамстваў, функцыі па правядзенні якой былі ўскладзены на Міністэрства юстыцыі. Для гэтага Міністэрству была дадзена магчымасць залучаць высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковых работнікаў — як пазаштатных экспертаў — для дачы заключэнняў па нарматыўных актах міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і ведамстваў. Гэта права на сённяшні дзень трансфармавалася ў права накіроўваць запыты ў дзяржаўныя органы па пытаннях, якія маюць значэнне для правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы.

Акты, якія прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю, прадстаўлялісь потым для ўключэння ў Дзяржаўны рэестр нарматыўных актаў міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь і апублікаванню ў «Бюлетэні нарматыўна-прававой інфармацыі», вядзенне якіх ажыццяўлялася таксама Міністэрствам юстыцыі.

На другім этапе абавязковая юрыдычная экспертыза нарматыўных прававых актаў вылучылася ў самастойны прававы інстытут.

У 1998 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня № 369 быў створаны Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. У Палажэнні, зацверджаным дадзеным Указам, было вызначана паняцце, юрыдычнае значэнне і мэты вядзення Нацыянальнага рэестра прававых актаў, а прававая экспертыза знайшла сваё нарматыўнае замацаванне - як асобнае і абавязковае дзеянне, якое падразумявае комплексны прафесійны падыход. Такім чынам, на дадзеным этапе адбылося афіцыйнае вылучэнне новага прававога інстытута пры дапамозе ўвядзення паняцця прававой экспертызы і вылучэння крытэрыяў ацэнкі прававога акта.

Трэба таксама адзначыць, што калі з пачатку 90-х гадоў юрыдычная экспертыза праводзілася толькі ў дачыненні нарматыўных прававых актаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, то з пачатку ХХI стагоддзя яна стала абавязковай і для прававых актаў мясцовых органаў абласнога ўзроўню (таксама горада Мінска), а з 2006 года — базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.

У цяперашні час склалася адзіная сістэма, якую ўтвараюць Міністэрства юстыцыі і падначаленыя яму галоўныя ўпраўленні юстыцыі аблвыканкамаў. Сёння даследуюцца і ацэньваюцца нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў. Экспертная работа таксама вядзецца ў дачыненні да актаў іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных Саветаў дэпутатаў (Мінскага гарадскога), аблвыканкамаў (Мінскага гарвыканкама). Штогод на юрыдычную экспертызу і ўзгадненне ў Міністэрства юстыцыі паступае каля 4000 дакументаў, што складае значны працэнт ад усіх дакументаў, якія разглядаюцца ў Міністэрстве.

З 2016 года правядзенню абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў пачынае спрыяць працэс цыфравізацыі. Нарматыўныя прававыя акты прадстаўляліся ў Міністэрства юстыцыі, галоўныя ўпраўленні юстыцыі абласных выканаўчых камітэтаў для правядзення юрыдычнай экспертызы на папяровых носьбітах або ў выглядзе электронных дакументаў, пасведчаных электронным лічбавым подпісам. З 1 студзеня 2017 года ў ведамаснай нарматворчасці пачаўся новы этап, звязаны з пераходам на поўны электронны дакументаабарот.

Пры гэтым тэрмін правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы сёння займае 5 дзён. Для галоўных упраўленняў юстыцыі ў абласцях і Мінску вызначаны дзесяцідзённы тэрмін. Па гэтаму паказчыку Рэспубліка Беларусь знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях сярод дзяржаў-ўдзельніц СНД.

Рэзюмуючы вышэйпрадстаўленую інфармацыю, трэба адзначыць, што менавіта рознабаковасць грамадскага жыцця краіны, дыферэнцыяцыя эканамічных сувязяў і адносін, рост міжнароднага аўтарытэту Рэспублікі Беларусь на сённяшні дзень дыктуюць павышаныя патрабаванні да якасці нарматворчай дзейнасці, а таму так важна праводзіць аператыўную, правільную і аб’ектыўную ацэнку нарматыўных прававых актаў.

уверх