Аб выніках працы у 2020 г

У 2020 годзе завершана выкананне мерапрыемстваў падпраграмы “Архівы Беларусі” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016–2020 гады. Падводзячы папярэднія вынікі, можна канстатаваць, што дзяржаўная архіўная галіна справілася з ускладзенымі на яе абавязкамі.

У Рэспубліцы Беларусь ідзе актыўнае ўкараненне электроннага дакументаабароту, як аднаго са стратэгічных напрамкаў у сферы фарміравання “лічбавай эканомікі” і кіравання дакументацыяй, стварэння сучасных архіўных інфармацыйных сістэм. У 2020 годзе працягвалася рэалізацыя Плана мерапрыемстваў па забеспячэнню ў Рэспубліцы Беларусь архіўнага захоўвання электронных дакументаў, зацверджанага Першым намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь 17 кастрычніка 2018 г. № 37/26-274 /334.

Для забеспячэння прыёму электронных дакументаў у дзяржаўныя архівы з дапамогай створанай Інфармацыйнай сістэмы архіва электронных дакументаў у 2020 годзе распрацаваны Рэгламент работы інфармацыйнай сістэмы архіва электронных дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь.

Павышэнню прафесійнага ўзроўню работнікаў службаў дакументацыйнага забеспячэння кіравання дзяржаўных органаў спрыяла правядзенне на базе Дэпартамента па архівах і справаводству рэспубліканскіх семінараў па пытаннях арганізацыі работы з электроннымі дакументамі і іх архіўнага захоўвання.

На пастаяннае захоўванне дзяржаўнымі архівамі прынята 125 419 спраў ад арганізацый-крыніц камплектавання, з іх кіраўнічай дакументацыі – 106 062, навукова-тэхнічнай дакументацыі – 3 432, кіна-, фота-, фона-, відэадакументаў – 12 738. Па стане на 1 студзеня 2021 г. крыніцамі камплектавання дзяржаўных архіваў з’яўляюцца 7 618 арганізацый. Таксама дзяржаўнымі архівамі прынята на пастаяннае захоўванне 21 486 дакументаў асабістага паходжання партыйных, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзеячаў навукі, беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў і інш., уключаных у склад 3 196 спраў.

У 2020 годзе праведзена 35 праверак выканання заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства ў рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах.

У 2020 годзе дзяржаўныя архівы ажыццяўлялі выкананне мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне захаванасці дакументаў і фондаў, тэхнічнага ўмацавання будынкаў і памяшканняў. Агульная плошча ўсіх архівасховішч павялічылася на 818 квадратных метраў, а даўжыня агульнай стэлажнай паліцы на 2 970 метраў і склала 214 км.

На 1 студзеня 2021 г. улічаны 13 129 493 адзінкі захоўвання на папяровым носьбіце ў складзе 47 597 фондаў, ўтворана 59 новых фондаў, база дадзеных Дзяржаўнага фондавага каталога Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь уключае звесткі пра 57 166 захоўваемых, перададзеных, аб’яднаных і згубленых фондах, працягнутая праца па запаўненні ўсіх формаў дзяржаўнага ўліку.

Агульная колькасць кінадакументаў на 1 студзеня 2021 г. склала 23 854 адзінкі ўліку, адзінак захоўвання – 52 600; агульная колькасць адзінак ўліку фотадакументаў – 279 842, адзінак захоўвання – 274 251; агульная колькасць адзінак ўліку фонадакументаў – 11 009, адзінак захоўвання – 22 913; агульная колькасць адзінак ўліку відэадакументаў – 6 147; адзінак захоўвання – 7 386. Аб’ём электронных дакументаў на 1 студзеня 2021 г. не змяніўся.

Колькасць спраў, якія маюць фонд карыстання на электронных носьбітах, склала 42 089 адзінак захоўвання. Цалкам створаны лічбавыя копіі на фотадакументы, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў. У 2020 годзе ў электронны выгляд перакладзена 3 219 вопісаў.

У 2020 годзе дзяржаўнымі архівамі выканана 21 184 запыты сацыяльна-прававога характару, 8 932 біяграфічных, 2 749 тэматычных і 278 генеалагічных запытаў.

Дзяржаўнымі архівамі праведзена 116 выстаў, значная частка якіх прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2020 годзе ўстановамі галіны выпушчана 13 выданняў, у тым ліку 7 зборнікаў дакументаў, 3 даведнікі, 2 аналітычныя працы, 1 прэзентацыйны альбом. Перыядычныя выданні дзяржаўных архіўных устаноў прадстаўлены чарговымі 18-м выпускам зборніка “Архіварыўс” і 21-м выпускам “Беларускага археаграфічнага штогодніка”.

У 2020 годзе ўведзена ў дзеянне новая версія інфармацыйнага рэсурсу «Інтэрнэт-сайт “Архівы Беларусі”», з палепшанымі і пашыранымі магчымасцямі атрымання звестак аб дзейнасці дзяржаўных архіўных устаноў.

У 2020 годзе ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь унесены 91 афіцыйны геральдычны сімвал. Прыняты Рэгламент суправаджэння сайта ”Афіцыйныя геральдычныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”.

У 2020 годзе ажыццяўлялася рэалізацыя пагадненняў і планаў супрацоўніцтва з архіўнымі службамі і ўстановамі замежных краін. 1–5 сакавіка 2020 г. дэлегацыя архіўнай службы Рэспублікі Беларусь знаходзілася з візітам у Дзяржаве Ізраіль па запрашэнні Нацыянальнага мемарыяла Катастрофы (Халакоста) і гераізму – Яд Вашэм. У рамках візіту прайшоў ізраільска-беларускі семінар “Дакументы па гісторыі Халакоста ў Беларусі і выкарыстанне сучасных тэхналогій у архіўнай справе”. 4 сакавіка 2020 г. у адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дэпартаментам па архівах і справаводству і Нацыянальным мемарыялам Катастрофы (Халакоста) і гераізм – Яд Вашэм.

28 кастрычніка 2020 г. у г. Калузе адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Федэральнага архіўнага агенцтва Расійскай Федэрацыі і Дэпартамента па архівах і справаводству. У ходзе працы калегій было разгледжана актуальнае пытанне “Аб удасканаленні архіўнага заканадаўства ў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь”, а таксама прааналізаваны ход выканання пунктаў двухбаковага Плана сумесных дзеянняў Дэпартамента і Росархіва на 2020–2022 гады. Напярэдадні сумеснага пасяджэння калегій адбыўся сумесны семінар кіраўнікоў архіўных устаноў, прысвечаны рэстаўрацыі, кансервацыі архіўных дакументаў, пытанням захавання дакументальнай спадчыны ў цэлым.

10 снежня 2020 г. у фармаце відэаканферэнцыі прайшло 16-е пасяджэнне Кансультатыўнага савета кіраўнікоў дзяржаўных архіўных службаў дзяржаў-удзельніц СНД. Беларускім бокам на Кансультатыўным савеце была прадстаўлена аналітычная інфармацыя аб развіцці архіўнай справы рэспублікі ў 2020 годзе, а таксама агляд мерапрыемстваў па супрацьдзеянні распаўсюджванню COVID-19 ва ўстановах галіны. У рамках пасяджэння таксама адбыліся выбары старшыні Кансультатыўнага савета на чарговы перыяд, па выніках якіх на дадзены пост быў абраны кіраўнік архіўнай службы Беларусі.

Навуковымі ўстановамі галіны вялася распрацоўка 18 навукова-даследчых работ, 10 з якіх былі завершаны.

Па стане на 1 студзеня 2021 г. агульная колькасць работнікаў архіўных органаў і дзяржаўных архіўных устаноў склала 1 185 чалавек, у тым ліку кіраўнікоў і спецыялістаў – 1 048 чалавек, з якіх 868 чалавек – жанчыны (83 адсоткі).

За плённую працу і вялікі ўклад у развіццё архіўнай справы і справаводства 45 работнікаў архіўнай сістэмы ўдастоены ўзнагарод Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі і Дэпартамента, у тым ліку 4 работніка ўзнагароджаны нагрудным знакам Дэпартамента “Ганаровы архівіст Беларусі”.

уверх